четверг, 11 июня 2015 г.

Ад размоваў пра грамадзянскую адукацыю – да дзеяння


Сустрэча жыхароў Баранавіч з экспертамі па тэме аховы архітэктурнай спадчыны прайшла ў межах практычнай часткі адукацыйнага курса “12 крокаў да сучаснай грамадзянскасці” напрыканцы траўня.

Мерапрыемства адбылося пры падтрымцы грамадскай кампаніі “Грамадзянскасць. BY – распрацоўшчыкаў адукацыйнага курса “12 крокаў да сучаснай грамадзянскасці”.
Ідэя і тэма сустрэчы былі прапанаваны ўдзельнікам вышэйзгаданага курса з Баранавіч Алесем Гізуном, які браў пад увагу патлумачыць жыхарам свайго горада, што ўратаванне архітэктурных аб’ектаў – не толькі абавязак дзяржавы, але і асабісты клопат кожнага неабыякавага грамадзяніна.
На сустрэчу былі запрошаныя вядомыя беларускія эксперты: гісторык і культуролаг, старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, а таксама архітэктар, кіраўнік шэрагу рэстаўрацыйных праектаў у Беларусі Ігар Раханскі.

Мадэратарам гутаркі быў каардынатар курса “12 крокаў да сучаснай грамадзянскасці” Леанід Каліценя, які ва ўступным слове прапанаваў экспертам паэтапна засяродзіцца на кожным складніку пытання: якія аб’екты трэба лічыць спадчынай і хто гэта вырашае?; што значыць захоўваць?; хто павінен займацца захаваннем?; як нам гэта рабіць?

Антон Астаповіч, які прафесійна займаецца аховай спадчыны ўжо 25 гадоў, пачаў выступ з вытлумачэння разыходжанняў у разуменні самога паняцця спадчыны. З пункту гледжання дзяржавы спадчына – гэта толькі аб’екты, што ўнесеныя ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, а з пункту гледжання грамадзяніна – гэта любы, цікавы асабіста яму аб’ект. Уся дзейнасць таварыства скіравана на тое, каб дамовіцца, прыйсці да агульнага разумення з дзяржаваю наконт таго, якія аб’екты будуць прызнаныя спадчынай і ўзятыя пад ахову.
Без лішніх ілюзіяў Антон Астаповіч папярэдзіў сваіх патэнцыйных наступнікаў пра складанасць абранага занятку:

– Я, напэўна, зараз буду ўсіх вас расчароўваць, бо наша праца сапраўды няпростая. Каля 70% нашых прапановаў на наданне ахоўнага статусу аб’ектам гісторыі і культуры адхілена і толькі каля 30% заяўленых помнікаў увайшлі ў дзяржаўны спіс. А неўзабаве гэты баланс яшчэ пагоршыцца, бо ёсць звесткі пра даручэнне Анатоля Тозіка скараціць наяўны спіс гісторыка-культурных помнікаў. Але мы павінны працаваць, нават калі атрымаецца выратаваць хаця б 1% помнікаў, бо, акрамя нас, гэтага не зробіць больш ніхто.
Асноўную ўвагу Антон Астаповіч засяродзіў на нюансах афармлення інструкцыі аб парадку фіксацыі аб’екта спадчыны і прапановы аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Нягледзячы на тое, што канчатковае рашэнне аб наданні статусу помніка таму ці іншаму аб’екту ёсць выключна прэрэгатывай Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пра Міністэрстве культуры, ініцыятарам гэтага працэсу можа, а часам проста абавязаны быць любы грамадзянін.
Дзеля большага заахвочвання эксперт падзяліўся некаторымі сакрэтамі поспеху пры рэалізацыі некаторых ініцыятываў свайго таварыства. Так, калі некалькі гадоў таму актывісты падавалі дакументы на прызнанне помнікам каталіцкай капліцы ў гонар бітвы пад Мілавідамі ў Баранавіцкім раёне, то заяўка афармлялася не на асобны помнік, а на ўвесь мемарыял цалкам, уключна з праваслаўным крыжам у гонар загінулых расійскіх вайскоўцаў. Падмацаваны такім чынам мемарыяльны статус месца гарантаваў узяцце гэтых помнікаў пад ахову дзяржавы.

– Мы павінны мысліць маштабна і дзейнічаць суладна, калі хочам дасягнуць нашых мэтаў, – падсумаваў свой выступ Антон Астаповіч, дадаўшы, што заўжды адкрыты для кансультацый па кожнай канкрэтнай ініцыятыве.

Ігар Раханскі засяродзіўся на метадалагічных асновах працэсу захавання спадчыны. Мэсыдж яго выступу быў сфакусаваны на неабходнасці разабрацца ў складанай структуры гэтага працэсу і вылучыць чатырох суб’ектаў зацікаўленасці ў лёсе кожнага помніка: навукоўцы, чыноўнікі, сацыя-культурная частка грамадства, метадолагі. Зона захавання помніка – гэта суцэльная зона канфліктаў паміж гэтымі чатырма суб’ектамі.
Як правіла, канфлікт адбываецца адносна формы пераўтварэння і ступені ўплыву на той ці іншы аб’ект спадчыны. Гэта можа быць рэканструкцыя (з прыўнясеннем у помнік новай функцыі), рэстаўрацыя (з захаваннем старой формы помніка), экспазіцыя (прэзентацыя для спажыўца паяднаных вынікаў папярэдніх двух працэсаў). Балансуючы між гэтых трох пунктаў, суб’екты мусяць улічваць яшчэ і чацвёрты: культурны ландшафт, у які ўпісаны пэўны помнік, бо ад гэтага залежыць маштаб усіх пераўтварэнняў – як пазітыўных, так і негатыўных.

– Рэканструкцыя – гэта важнае, а рэстаўрацыя – гэта яскравае. Паміж імі заўсёды ідзе барацьба, гэта зона бясконцых спрэчак, перамоваў і дамоваў. Паратунак можа прыйсці толькі тады, калі з’явіцца герой, асоба альбо калектыў, які сваім уласным рашэннем пакладзе канец канфлікту. Але і гэты вынік заўсёды будзе суб’ектыўны, – падсумаваў Ігар Раханскі.
Канчатковы вынік сустрэчы падвёў мадэратар Леанід Каліценя, яшчэ раз акцэнтаваўшы, што ахова спадчыны – занятак складаны і адказны:
– Ад вас патрабуецца не проста зацікаўленасць, а сталае жаданне і гатоўнасць працаваць у абраным вектары сукупна з іншымі актывістамі, а таксама з гісторыкамі, юрыстамі, эканамістамі... Пры гэтым, у сваёй дзейнасці вы мусіце ўлічваць інтарэсы астатніх зацікаўленых суб’ектаў і дзейнічаць супольна з імі – падабаецца вам гэта ці не. Што ж, цяпер вы ведаеце, як наладжваецца гэты няпросты працэс. Дзейнічайце!

Алесь Гізун
фота: Алесь Гізун, Ігар Раханскі

Комментариев нет:

Отправить комментарий