вторник, 23 июня 2015 г.

У Мінску прэзентавалі шэраг паспяховых грамадзянскіх праектаў


Арт-івэнт “Грамадзянскасць.BY-2015”, зладжаны аднайменнай грамадскай кампаніяй 19 чэрвеня ў галерэі “Ў”, быў насычаны вершамі, казкамі, прэм’ерным кінапаказам і вечнымі цытатамі “сваіх” класікаў ды сучаснікаў.

– Вы ўбачыце тут шмат добрых людзей, якія займаюцца добрымі справамі. Давайце разам падтрымліваць сваё, цытаваць сваё, і рабіць сваё, – такімі словамі распачаў мерапрыемства мадэратар Андрэй Хадановіч.

Гэта ўжо трэці арт-івэнт кампаніі “Грамадзянскасць.BY”, прысвечаны праблеме сучаснай беларускай грамадзянскасці. Пасля апошняй падобнай імпрэзы мінула паўтары гады, і гэты час, як адзначыў каардынатар кампаніі Леанід Каліценя, не быў змарнаваны:
– Увесь гэты час мы транслявалі тэму грамадзянскасці ў беларускай прасторы, да таго ж імкнуліся рабіць гэта ў цікавых, часам нават у іранічных формах, бо сучасны грамадзянін – гэта чалавек іранічны. Але мы заўсёды ўсведамлялі адказнасць за тое, што робім.

Сапраўды, дзякуючы Леаніду Каліценю і яго камандзе, тэма грамадзянскасці і яе актуалізацыі гучала сёлета ў Мінску асабліва гучна. За прыклад можна згадаць распрацаваны кампаніяй тэарэтычны адукацыйны курс “12 крокаў да сучаснай грамадзянскасці”, арыентаваны на “перазагрузку” распаўсюджанага разумення паняцця грамадзянскасці. Пілотны курс паспяхова прайшоў ўвесну ў беларускай сталіцы. 


Не менш цікавы праект – конкурс сцэнароў для фільма “ Сучасная беларуская грамадзянскасць”. Узнагароджанне трох лаўрэатаў конкурса і прэм’ера кароткаметражнага фільма “Беларусь якая?” па прызнаным найлепшым сцэнары Уладлены Сяньковай ды Святланы Сакалоўскай акурат і сталіся дамінантай арт-івэнту “Грамадзянскасць.BY-2015”.

– Слова “грамадзянскасць” часта гучыць досыць сумна і само паняцце многімі ўспрымаецца, як набор нейкіх сумных ідэяў. Мы вырашылі прэзентаваць праблему сучаснай беларускай грамадзянскасці ў тым ліку і праз незалежнае кіно, вачыма маладых і незаангажаваных, – патлумачыў задуму праекту Леанід Каліценя.
Фільм “Беларусь якая?” паводле сцэнара мінскіх школьніц сапраўды вылучаецца наватарскім, незаангажаваным поглядам на Беларусь канцэптуальную. Пры гэтым, як заўважыла крытык і сябра журы конкурсу Вольга Раманава, сцэнар фільма зрабіў на яе нават мацнейшае ўражанне за сам фільм.

У фільме звычайныя школьнікі-пачаткоўцы звычайнай сталічнай школы атрымліваюць даволі звычайнае заданне дадому: намаляваць малюнак на тэму “Беларусь якая?” Толькі адзін хлопчык вырашыў падыйсці да выканання задання не тэндэнцыйна і намаляваў не тое, чаго чакала настаўніца (зуброў, буслоў, трактароў і г.д.), а тое, што ўбачыў на вуліцы – глабалізаваныя падлеткі, мігранты з Усходу, іншамаркі і Макдональдс. І малады бізнесмен або праграміст на лаўцы ў парку таксама перакусвае не дранікамі, а піцай… І менавіта гэты адзіны малюнак забракавала і загадала перарабіць настаўніца, якая ўвасабляе вобраз педагога, цалкам застылага ў міфалогіі і адарванага ад рэальнасці (у аўтобусе па дарозе дадому яна не заўважае фактычна тых самых, намаляваных яе рэфлексійным вучнем, сюжэтаў).

Супер! У сціслым наратыве кароткаметражкі аўтары здолелі паказаць не толькі закасцянеласць ды неадпаведнасць рэаліям сучаснай сістэмы адукацыі як вынік фальшывасці афіцыйнай ідэалогіі, але і разгубленасць тых, хто гэта адчувае. У выніку ні школа, ні сям’я не даюць хлопчыку адказаў на пытанне, як намаляваць сваю краіну.
У дыскусіі пасля кінапрагляду адна са стваральніцаў фільма Святлана Сакалоўская патлумачыла яго канцэпцыю:
– Многія даволі паверхнева мяркуюць пра Беларусь, часта па нейкіх чужых карцінках, шаблонах. Мы ж хацелі паказаць нашу краіну з усіх бакоў, пры дапамозе самых розных вобразаў, якія яна ў сабе змяшчае.
Пасля выступу хэдлайнераў мадэратар Андрэй Хадановіч прэзентаваў, яшчэ чатыры паспяховыя сучасныя арт-праекты, сфакусаваныя на грамадзянскасць.

Супольны праект Андрэя Залатара і Алега Хаменкі “Беларускія казкі для iPhone і iPad” даў магчымасць бацькам і іх дзецям слухаць родныя казкі з уласных смартфонаў. Фактычна стваральнікі праекта прадэманстравалі, як традыцыйная культура можа транслявацца праз найноўшыя сродкі камунікацыі. Больш за сто казак для згаданага праекта начытаў вядомы беларускі музыка, лідар гурта “Палац” Алег Хаменка, які каля 10 гадоў збіраў “народную мудрасць” па архівах і ў экспедыцыях.
Ідэя яшчэ аднаго праекту, здаецца, была навідавоку, але рэалізавалася толькі нядаўна – “Цытуй сваё!”

– Ці ведаем мы сваё, сваіх класікаў і сучаснікаў? Кепска. А нашы папярэднікі звярталіся да тых самых падставовых пытанняў, якія сёння вырашаем мы. Іх думкі – гэта скарб, які мы маем, але якім не карыстаемся, – прэзентавала праект адна з яго аўтарак Таццяна Вадалажская. Яна заклікала ўсіх ахвотных далучацца да справы і дасылаць цытаты сваіх улюбёных лідараў думкі (cytuj.svajo@gmail.com), а ў выніку паабяцала выдаць цытатнік.

А эколаг Надзея Куляшова прэзентавала самы экалагічны праект – “Дзіцячыя эка-майстэрні”, скіраваны на выхаванне экалагічнай свядомасці ў дзетак.
– Наша мэта – каб кожны чалавек, пакуль ён праходзіць шлях ад малога да дарослага, у выніку не вырас такім, з якім пасля ўвесь час мусяць змагацца эколагі. Мы закладаем у галовы нашых дзетак экалагічны розум. Мы рухаемся ад экалагічных праблемаў да экалагічнага чалавека, – патлумачыла сваю ідэю Надзея Куляшова, таксама заклікаўшы аўдыторыю не толькі карыстацца наяўным кантэнтам, але і рэалізоўваць уласныя ініцыятывы.

Не менш цікавы праект, прэзентаваны апошнім – “Жывая бібліятэка”. У айчынным кантэксце гэта даволі арыгінальная бібліятэка, хаця яе канцэпцыя ў свеце існуе ўжо даўно: кніга – гэта чалавек з незвычайным лёсам ці светапоглядам, носьбіт унікальных ведаў або практыкі; чытачы – усе людзі, якім цікавая “кніга” і да якой яны могуць звяртацца з пытаннямі. Просты сэнс праекту – у камунікацыі і збліжэнні людзей.
На сёння “Жывая бібліятэка” функцыянуе не толькі ў сталічным бары “ДК”, але і мабілізуецца ў рэгіёны. Дарэчы, каб праект пашыраўся і надалей, яго стваральнікі шукаюць валанцёраў і аднадумцаў.

– Мы змаглі зладзіць “Жывую бібліятэку” таксама ў Гародні, Гомелі, Магілёве, дзякуючы менавіта валацёрам. Таму далучайцеся! – рэзюмавала прэзентацыю каардынатар праекта Марыя Лукашук.
Вынік усяго арт-івэнту падсумаваў мадэратар дня, паэт Андрэй Хадановіч:
– Падзякуйце сёння самі сабе за тое, што вы робіце прыўкрасныя справы!
Простыя словы, простыя рэчы ляжаць у аснове вялікіх учынкаў.


Алесь Гізун

Комментариев нет:

Отправить комментарий