среда, 10 июня 2015 г.

Сяргей Лабода: “Думаць Беларусь мы ўжо пачалі, наступны крок – рабіць Беларусь”


Трэці заключны модуль пілотнага адукацыйнага курса “12 крокаў да сучаснай грамадзянскасці”, які фінішаваў у Мінску 16 – 17 траўня, стаўся для яго ўдзельнікаў пераломным момантам ва ўсведамленні вострай неабходнасці актыўнай і дзейснай грамадзянскай пазіцыі.

– Грамадзянскасць – як рэвалюцыя: няма ў яе пачатку, няма ў яе канца. Гэта ўсвядомленая і рацыянальная пазіцыя, а не нешта, што перадаецца нам і функцыянуе па традыцыі, па звычцы. Чалавек, які не ведае, куды ідзе, нікуды  і прыйдзе, – гэткім філасофскім падсумаваннем закончыў курс “12 крокаў да сучаснай грамадзянскасці” яго каардынатар Леанід Каліценя.
Усведамленню таго, што грамадзянскасць і грамадзянская адукацыя – гэта не застылыя, а зменлівыя ў залежнасці ад пэўнага часу і абставін паняцці, якія патрабуюць перманентнай рэфлексіі, і быў прысвечаны заключны трэці модуль заняткаў – дэ-факта квінтэсэнцыя ўсяго курса.
Цягам апошняга модуля на гэтым не раз акцэнтаваў і выкладчык тэарэтычнай часткі курса Сяргей Лабода, які спрабаваў давесці, што і грамадзянскасці, і грамадзянскай адукацыі, як і дэмакратыі, грамадзяне перыядычна мусяць вучыцца нанова, бо інакш вельмі лёгка зрабіць адкат назад, у таталітарызм.
Наколькі гэты асноўны мэсыдж курса быў адчуты і асэнсаваны аўдыторыяй і ці мае адукацыйная праграма “12 крокаў да сучаснай грамадзянскасці” перспектыву развіцця – Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” распытала Сяргея Лабоду падрабязней:
Як Вы з пазіцыі выкладчыка пракаментуеце пілотны курс "12 крокаў да сучаснай грамадзянскасці" пасля яго заканчэння?
Як трэнер я магу сказаць, што курс атрымаўся вельмі цікавым і карысным. Спадзяюся, што ён быў такім і для ўдзельнікаў. Мы здолелі праблематызаваць тэму грамадзянскасці і наладзілі адпаведную дыскусію, мы рэфлексійна, прагматычна і рацыянальна, імкнуліся зразумець, якое стаўленне да грамадзяніна і грамадзянскасці існуе ў сучаснай Беларусі, якія ёсць альтэрнатыўныя погляды, якія існуюць ідэалагічныя міфы і што з гэтым усім рабіць… Усё дзеля таго, каб зразумець, вызначыцца і выпрацаваць асабістую актыўную пазіцыю праз пэўныя дзеянні на карысць грамадства.


Адзначце самы пазітыўны, па-Вашаму, вынік курса?
Галоўны вынік – гэта выйсце з зоны камфорту, крытычны погляд на рэчаіснасць і матывацыя дзейнічаць, але рабіць гэта рэфлексійна, з разуменнем сутнасці грамадзянскасці. На мой погляд, курс дастаткова паспрыяў гэтаму.
Наколькі па выніках курса ўдзельнікі наблізіліся да разумення паняцця грамадзянскасці і важнасці грамадзянскай адукацыі?
Найлепш гэта будзе відаць па тых практычных кроках і намаганнях, якія яны зробяць пры рэалізацыі ўласных праектаў. На сёння ў мяне ёсць адчуванне, што большасць удзельнікаў маюць настрой выкарыстоўваць атрыманыя веды ў сваёй дзейнасці. "Думаць Беларусь" мы разам ужо пачалі, наступны крок "рабіць Беларусь".


  Ці варта надалей праводзіць курс "12 крокаў да сучаснай грамадзянскасці" з іншымі аўдыторыямі і чаму?
Безумоўна, варта. Модульная праграма курса дазваляе працаваць з рознымі аўдыторыямі і можа выкарыстоўвацца ў розных фарматах: ад кароткатэрміновых да больш працяглых, праз адукацыйныя, культурніцкія, творчыя мерапрыемствы. Тэма грамадзянскасці сёння вельмі актуальная, бо нам трэба разам будаваць нашу краіну, каб ператвараць пасіўнае, "падданае" насельніцтва, якога, на жаль, у нас цяпер большасць, у актыўных грамадзянаў. Без грамадзянскай адукацыі гэта немагчыма. І курс "12 крокаў да сучаснай грамадзянскасці" можна выкарыстоўваць як добры інструмент, як аснову для працы ў гэтым кірунку. Ён мае канцэптуальны, метадычны і, што галоўнае практыкаскіраваны вынік.

+АПЫТАНКА: А якія высновы з курса зрабілі самі ўдзельнікі?

Алена Кучынская, г. Орша:
– Пасля курса я зрабіла выснову, што беларусам трэба быць больш крытычнымі да сябе. Нам бракуе салідарнасці, а гэта значыцца бракуе і чалавечнасці, мы робімся раўнадушнымі. Усведамленне грамадзянскасці – гэта акурат пазбаўленне раўнадушнасці і вяртанне да чалавечнасці. Мне здаецца, гэта і быў асноўны акцэнт курса. А яшчэ – дзейнічаць. І не цурацца палітыкі, бо любая актыўная грамадзянская дзейнасць і ёсць палітыкай. Як казаў Чэрчыль: калі вы не хочаце займацца палітыкай, палітыка зоймецца вамі. А калі нічым не займацца, вакол запануе раўнадушша і хаос.
Таццяна Тхорава, г. Брэст:
– Узнікла адчуванне закладзенага ў мяне семя, якое пакрысе будзе прарастаць. Мне трэба яшчэ нейкі час, каб цалкам асэнсаваць новую інфармацыю. Але я зразумела: наша паняцце таго, што ёсць грамадзянскасць у сучасным свеце і якія яе патрэбы, знаходзіцца толькі на этапе фармавання, можна сказаць, яно яшчэ ў зародкавым стане. Я зразумела таксама, што без належнай рэфлексіі мінулага і сучаснасці, мы не можам будаваць нашу будучыню. А грамадзянская адукацыя – гэта той інструмент, які дапамагае грамадзянам бачыць агульную мэту і шлях да яе. Сапраўды, разам ісці да мэты прасцей. Але пакуль беларусы недастаткова разумеюць гэта…
Вольга Жукоўская, г. Жыткавічы:
– Да курса я ўвогуле не задумвалася ні пра нашу грамадзянскасць, ні пра стан грамадзянскай адукацыі ў Беларусі, ні пра праблемы, з імі звязаныя. І мяркую, што такая сітуацыя характэрная для большасці беларусаў. Цяпер жа я пераканалася: сапраўдны адукаваны грамадзянін – гэта той, які ведае, хто ён, як жыве і як хоча жыць у будучыні. Калі гэта разуменне аб’яднае шмат людзей, ім разам рухацца да мэты будзе лягчэй. Цяпер галоўнае – пачаць нешта рабіць для гэтага.
Дар’я Шыла, г. Мінск:
– Найперш курс даў мне імпульс больш асэнсавана падыхозіць да сваёй грамадскай дзейнасці. Я ўсвядоміла, што грамадзянская пазіцыя – гэта не толькі рэалізацыя нейкіх уласных уладных ці творчых амбіцый, але перадусім іх сугучнасць з больш агульнымі, грамадзянскімі праблемамі. Напрыклад, бабулька, якая сваімі сіламі і сродкамі парадкуе клумбу перад пад’ездам, можа быць бліжэй да паняцця грамадзянскасці, чым некаторыя чыноўнікі.
Наста Палтаржыцкая, г. Мінск:
Дзякуючы адукацыйнаму курсу, я ўпершыню сур’ёзна задумалася пра важнасць разумення чалавекам паняцця грамадзянскасці. Раней пра гэта неяк не думалася. Можа таму дагэтуль мне было так цяжка вызначыцца з уласным месцам у грамадстве? Або, напрыклад, куды скіраваць сваю творчую энергію?.. Разуменню гэтага асабліва паспрыялі запрошаныя на заняткі госці,  іх думкі, досвед і канкрэтныя гісторыі поспеху на ніве грамадзянскай актыўнасці. Ёсць пра што падумаць, ёсць чаму павучыцца...


АГ

Комментариев нет:

Отправить комментарий